Міністар замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар, выступаючы на брыфінгу перад пасяджэньнем Рады бясьпекі ААН, падкрэсьліў, што міжнародная супольнасьць павінна пакласьці канец практыцы выкраданьня мірных грамадзянаў і вывесьці гэту праблему ў цэнтар глябальнага парадку дня, паведамляе МЗС Ізраіля.
Пры нападзе радыкальных палестынскіх груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» (абедзьве прызнанымі тэрарыстычнымі ў ЗША і ЭЗ) на Ізраіль у кастрычніку 2023 года, адказам на які стала апэрацыя ЦАХАЛ у Газе, былі захоплены 251 чалавек. Па стане на сёньня 49 закладнікаў па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў Газе, пры гэтым, паводле зьвестак ізраільскага войска, у жывых застаюцца крыху больш за 20.
Паседжаньне Рады бясьпекі ААН склікаецца пасьля публікацыі відэазапісаў, на якіх ізраільскія закладнікі Ром Браслаўскі і Эўятар Давід выглядаюць вельмі зьнясіленымі. Кадры выклікалі шок і абурэньне сярод ізраільцян. Прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што быў глыбока ўзрушаны ўбачаным, і зьвярнуўся да Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) з просьбай аказаць палонным тэрміновую мэдыцынскую і гуманітарную дапамогу. МКЧК выказаў «глыбокае ўзрушэньне» апублікаванымі кадрамі і зноў заклікаў прадаставіць яму неадкладны і бесьперашкодны доступ да закладнікаў.
Узброенае крыло ХАМАС заявіла аб гатоўнасьці дапусьціць прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа да закладнікаў наўзамен на сталы доступ гуманітарнай дапамогі для ўсяго насельніцтва сэктара Газа.
Форум