Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, Лукашэнка знаходзіцца ў Расеі з «працоўным візытам», у часе якога абмяркуюць «найбольш важныя і актуальныя пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём беларуска-расейскіх дачыненьняў, рэалізацыяй саюзных праектаў», таксама ў цэнтры ўвагі будуць міжнародныя пытаньні і тэма рэгіянальнай бясьпекі.
У той жа час Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што візыт мае «нефармальны характар».
Пазьней Telegram-канал «Пул первого» ўдакладніў, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбудзецца на Вааламе, як і летась у ліпені.
А 13:33 афіцыйны Telegram-канал Крамля апублікаваў відэазапіс сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі і паведаміў, што яны наведваюць тэрыторыю Смаленскага скіту Спаса-Праабражэнскага Валаамскага мужчынскага манастыра. Аналягічны запіс зьявіўся і ў Telegram-канале прэс-службы Лукашэнкі.
Лукашэнка і Пуцін тройчы сустракаліся на Валааме, у 2019, 2023 і 2024 гадах яны там разам наведвалі праваслаўны манастыр і вялі перамовы.
Што сказалі Пуцін і Лукашэнка
Расея разьлічвае, што перамовы з Украінай будуць працягнутыя, заявіў Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытаньні журналістаў у ходзе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на востраве Валаам, перадае БелТА.
Пуцін, адказваючы на пытаньне, як ён ацэньвае ход і пэрспэктывы перамоваў з Украінай, адзначыў, што перамовы заўсёды запатрабаваны і важныя:
«Асабліва калі гэта імкненьне да міру. Я ацэньваю ў цэлым станоўча. Як жа можна не станоўча ацэньваць тое, што сотні людзей вярнуліся на радзіму. Гэта станоўча».
Пуцін сказаў, што Расея з гуманітарных меркаваньняў перадала тысячы цел загінуўшых украінскіх салдат і атрымала ў адказ некалькі дзясяткаў цел расейскіх вайскоўцаў.
Лукашэнка заявіў пра санкцыйны ціск Захаду і захады ў сувязі з гэтым:
«Калі перад намі зачыніў нехта дзьверы — у сьвеце вельмі шмат адчыненых дзьвярэй. І Расея, і Беларусь сёньня зрабілі вельмі сур’ёзны разварот. Сьвет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Жывем і будзем жыць. У нашым сьвеце нікому ня ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасьці абараніць свае інтарэсы», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама выказаўся наконт мірных перамоваў па Ўкраіне:
«Трэба садзіцца за стол і дамаўляцца, якія пазыцыі б ні былі. Ну не падабаецца ў Беларусі, ды хоць на Месяц, куды заўгодна. Але трэба садзіцца за стол і размаўляць, а ня кідаць камяні адзін у аднаго».
Аляксандр Лукашэнка пракамэнтаваў падзеньне ў Менску бесьпілётніка 29 ліпеня:
«Апошні, вы ведаеце, выпадак, калі ўжо ў Беларусь — 59 кіляграмаў выбухоўкі, начыненай шарыкамі і іншым. Ну, добра, ня выбухнуў. Ударыў па 10-павярховым доме, дзе жылі звычайныя простыя людзі. Таму гэта небясьпечная эскаляцыя. Нам трэба спыняць гэта. І рабіць гэта трэба асьцярожна».
Лукашэнка таксама згадаў ультыматум Дональда Трампа Ўладзіміру Пуціну для сканчэньня вайны супраць Украіны:
«50, 60, 10 дзён. Так палітыка ня робіцца. Калі ён міру хоча, ён павінен падключацца акуратна, грунтоўна. Гэта ваеннае сутыкненьне. І ўказаць там не атрымаецца. Тым больш, ядзернай дзяржаве. Гэта проста сьмех выклікае», — заявіў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што нядаўна сустракаўся са спэцпасланьнікам Трампа па Украіне Кітам Келагам.
«Вы ведаеце, нядаўна я сустракаўся з амэрыканцамі. Я ім адкрыта гэта сказаў. Гэта яго блізкія сябры. Вы, гавару, прэзыдэнту скажыце, што трэба акуратна гэта ўсё рабіць. І можна дамовіцца», — заявіў Лукашэнка.
Выказаўся ён і пра магчымае падключэньне Беларусі да мірных перамоў:
«Мы даўно дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам. Калі трэба, ён заўжды скажа, падключыць Беларусь. І да працэсу, і да працэсаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў учорашняй расейскай атакі на Кіеў павялічылася да 31Пуцін на перамовах выказаўся пра расейскія ракеты «Арэшнік» у Беларусі:
«І беларускія вайсковыя спэцыялісты, і расейскія абралі месца для будучых пазыцый. Цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы гэтых пазыцый. Так што, хутчэй за ўсё, мы да канца году гэтае пытаньне закрыем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзеі тыдня: Абстрэлы Ўкраіны пасьля размовы Трампа з Пуціным. Ці блеф «Арэшнік»? Дзень Волі для ЛукашэнкіРаней пра плянаваную сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі паведаміла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант. Паводле яе, Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праграмных пытаньняў у тэлефоннай размове 27 ліпеня.
«Ёсьць тэмы, якія ўвогуле па тэлефоне лепш не абмяркоўваць. Прэзыдэнты дамовяцца ў найбліжэйшы час аб сустрэчы і ўсе найважнейшыя і сур’ёзныя пытаньні абмяркуюць сам-насам», — сказала Эйсмант.
Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расеі сустракаліся ў канцы чэрвеня ў Менску на Эўразійскім эканамічным форуме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эйсмант анансавала яшчэ адну сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна