У Літве знайшлі дрон зь Беларусі на пяты дзень пасьля інцыдэнту

Фота знойдзенага на палігоне ў Гайжунах дрона. Мяркуецца, гэта той самы апарат, які заляцеў у Літву зь Беларусі 28 ліпеня

Бесьпілётнік, які 28 ліпеня заляцеў на тэрыторыю Літвы зь Беларусі, знайшлі на вайсковым палігоне ў Гайжунах, Ёнаўскі раён.

Гэтую інфармацыю агенцтву BNS пацьвердзіла міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене.

«Пацьвярджаем, што дрон знайшлі. Неўзабаве будзе дадатковая інфармацыя», — заявіла міністар абароны Літвы.

Бесьпілётнік знайшлі на адлегласьці больш за 100 кілямэтраў ад Беларусі.

Папярэдне сьцьвярджаюць, што знойдзены дрон падобны на расейскі дрон «Гербера», прызначаны для падману сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, бо ён звонку нагадвае іранскі баявы дрон «Шахед».

На месцы здарэньня працуюць вайсковыя сьледчыя і сапэры.

Раніцай 28 ліпеня паліцыя Літвы папярэдзіла грамадзян аб уварваньні з тэрыторыі Беларусі бесьпілётнага лётнага апарату неўстаноўленага тыпу.

Галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Дарус Бута паведаміў парталу навін Delfi, што дрон, зафіксаваны на вышыні каля 200 мэтраў, апошні раз быў заўважаны каля Вільні.

На старонцы Літоўскіх узброеных сілаў у Фэйсбуку апублікавалі фота знойдзенага дрона. Паводле папярэдняй вэрсіі, гэта, як і ў мінулы раз, «Гербера».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ВПС Літвы мяркуюць, што дрон, які ўварваўся зь Беларусі, мог быць дэзарыентаваны ўкраінскімі СПА