«На сёньняшні дзень у склад ССА ўвайшоў зэнітна-ракетны полк. Цяпер мы знаходзімся на стадыі завяршэньня, і сёлета будзе створаны яшчэ і рэактыўна-артылерыйскі полк. Ён ужо на працэнтаў 70 гатовы. Цяпер ідзе прапрацоўка пытаньня стварэньня брыгады кіраваньня. Акрамя таго, было прынятае рашэньне аб узмацненьні паўднёвага ўчастку. На сённяшні дзень гэты самы, так бы мовіць, неспакойны кірунак, які падтрымлівае нас усіх у тонусе. Таму было прынятае рашэньне аб стварэньні там асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. І вось на сёньня мы ўжо пачалі фармаваньне гэтай брыгады. Ужо сфарміраваны адзін з батальёнаў», — цытуе Вадзіма Дзенісенку БЕЛТА.
Генэрал таксама сказаў, што новая, 37-я асобная дэсантна-штурмавая гвардзейская брыгада будзе разьмяшчацца ў Гомельскай вобласьці, і што яе фармаваньне мае закончыцца ў канцы году.
Свабода раней паведамляла, што з пачатку 2023 года беларускія ўлады будуюць вайсковы аб'ект пад Гомелем. Участак знаходзіцца каля вёскі Новая буда паміж трасай M-10, што вядзе на Чарнігаў, і 1393-й артылерыйскай базай боепрыпасаў. Ён разьмешчаны ў 40 кілямэтрах ад мяжы з Украінай.
У дзяржаўных тэндарах аб’ект значыцца як «вайсковы гарадок у Гомельскай вобласьці з вучэбна-тактычным полем». Маштаб будоўлі на спадарожнікавых здымках можа сьведчыць пра тое, што ў гэтым месцы можа быць разьмешчаная воінская брыгада памерам прыкладана ў тры тысячы чалавек. Да сёньняшняга дня не было афіцыйных зьвестак пра тое, каго менавіта з вайскоўцаў тут разьмесьцяць.
Верагодна, што ўзагдваючы сёньня ў сваёй прамове пра стварэньне ў Гомельскай вобласьці новай дэсантна-штурмавой брыгады, камандуючы сілаў спэцыяльных-аперацыяў Вадзім Дзенісенка меў на ўвазе менавіта гэтую пляцоўку. Бо іншага месца для разьмяшчэньня такой колькасьці вайскоўцаў у адным месцы ў гэтым рэгіёне пакуль няма.
Новай брыгадзе прысвоілі назву «37-я асобная дэсантна-штурмавая гвардзейская брыгада». Яна ўвойдзе ў новастворанае ў Беларусі Паўднёвае аператыўнае камандваньне Сухапутных войскаў і стане 4-й у Беларусі.
Цяпер у складзе сілаў спецыяльных апэрацый такіх брыгады тры: 103 паветрана-дэсантная (Віцебск), 38-я дэсантна-штурмавая (Брэст) і 5-я спецыяльнага прызначэння (Мар'іна Горка).
Пра пляны пабудаваць пад Гомлем новы вайсковы гарадок журналісты даведаліся зь дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2023 год.
На праектна-пошукавыя работы ў тым годзе зь бюджэту ўлады мелі намер вылучыць 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — адпаведна 10 млн і 40 млн рублёў «у прагнозных цэнах».
У траўні 2022 году Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся стварыць на ўкраінскім кірунку Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі будуе новы вайсковы гарадок за 40 км ад мяжы з Украінай. Што пра яго вядома? ФОТА