За права ўпаляваць мядзьведзя заплацілі болей за 117 тысяч рублёў

Упаляваны ў 2025 годзе мядзьведзь

У Беларусі адбыўся чарговы аўкцыён на ліцэнзію на паляваньне. Неназваны паляўнічы зь Віцебскай вобласьці заплаціў болей за 117 тысяч рублёў за права паляваньня на мядзьведзя.

Агулам у таргах узялі ўдзел 9 паляўнічых з чатырох абласьцей Беларусі. Першапачатковую суму лоту ў 2 тысячы рублёў павышалі болей за 40 разоў, пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

У лістападзе 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім дазволіў паляваньне на дзьвюх жывёлаў з Чырвонай кнігі — мядзьведзя і рысь. Раней жа кампанію за дазвол паляваньня на чырвонакніжных зьвяроў пачаў колішні міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Пазьней, каб апраўдаць свае крокі, улады заявілі, што лік гэтых відаў істотна вырас, і таму яго трэба рэгуляваць. Аднак прыродаахоўныя арганізацыі, як піша «Зялёны партал», выступілі супраць, адзначаючы, што ў Беларусі на гэты момант няма дзейнае сыстэмы падліку мядзьведзяў.

Пасьля ўказу ўжо ўпалявалі двух мядзьведзяў — аднаго ў Віцебскай, другога ў Менскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойства для радасьці? Эколяг і псыхоляг — пра дазвол паляваць на мядзьведзяў у Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Чырвонай кнігі Беларусі сёлета выключылі амаль у чатыры разы больш відаў, чым унесьлі