Не прыпадабняйцеся да расейцаў. Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра выхаванасьць і бытавыя праблемы

Беларусь, Менск, 11 красавіка 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Сёньня дачытаў новую літоўскую кніжку ў перакладзе на беларускую мову. І мой зрок застыў на наступным радку: «Абодва былі ветлівыя і добра выхаваныя». Літоўцы гэта падкрэсьліваюць. Для іх гэта як «сказаць пароль», каб пазнаць свайго.

У Беларусі апошнія трыццаць гадоў для чалавека ва ўладзе ўсіх узроўняў, ад вахцёра да правіцеля, такія характарыстыкі, як ветлівасьць і добрае выхаваньне — гэта адмоўныя рысы, яны сьведчаць пра слабасьць.

Памятаеш, ты пісаў мне, як у тваім менскім шматпавярховіку рабілі капітальны рамонт, калі камунальнікі выцягнулі зь цябе кучу грошай, а ўрэшце сышлі, пакінуўшы суцэльную разруху. І вось цяпер такія гісторыі сустракаюцца мне ў стужцы навінаў усё часьцей.

Цэлую падборку з Горадні апублікаваў партал hrodna.life. Красамоўная назва: «Гарадзенец паскардзіўся ў TikTok на прусакоў і затоплены падвал у інтэрнаце. Улады адказалі: вінаватыя жыхары».

Чытаю і дзіўлюся таму, што ў Літве я такіх кашмараў не сустракаў.

Што тут галоўнае і чаго ня можа быць у Літве: «вінаватыя жыхары». То бок рэч ня ў побытавай праблеме, якую трэба вырашыць, а ў тым, хто вінаваты?

Пад скаргай у TikTok — паўтары сотні камэнтароў, дзе гарадзенцы пішуць пра такія самыя разрухі ў іншых дамох. Відавочна, што тое самае адбываецца па ўсёй Беларусі і вэрдыкт камунальных уладаў такі самы: «Выснова адна — жыхары цалкам адказныя за ўмовы свайго жыцьця і наступствы сваіх дзеяньняў».

У Літве пра такое ня пішуць не таму, што так не бывае, а таму, што прыяжджаюць камунальнікі і выпраўляюць сытуацыю — гэта іхная праца. У Беларусі таксама прыяжджаюць, але кажуць: ты вінаваты, плаці. І нават калі заплаціш, амаль заўсёды будзе пераплата і ніякая якасьць. Словам, жыхары хацелі б сабрацца разам, каб адстойваць свае правы. А што такое сёньня сабрацца разам? Гэта ж «супраць улады», няхай сабе і камунальнай.

Лёгіка тут такая: кожны займаецца сваёй паважанай справай. Камунальнікі адказваюць за патопы і засьмечаную каналізацыю. А лётнік далёкай авіяцыі возіць камунальнікаў у адпачынак на Мальдывы. Вось і ўсё. І абвінавачваць лётніка ў падвальным патопе — тое самае, што абвінавачваць камунальніка ў тым, што самалёт не даляцеў як трэба. Прынамсі так гэта працуе ў Літве. Прычым абавязкова будзе падкрэсьлена: мы, літоўцы, ветлівыя і добра выхаваныя. Гэта нас адрозьнівае ад расейцаў, у якіх бытавая разруха ў галовах, а не ў кватэрах.

Словам, галоўнае — не зрабіць работу, а вызначыць вінаватых, жыхароў дому. Прычым, зрабіць гэта трэба з задавальненьнем ад таго, што камусьці дрэнна. Усё іншае — уласна выпраўленьне сытуацыі, што і ёсьць тваім абавязкам — як бы і няважна, яно зьнікае ў мутным паветры віны, аб’ектыўнай недасканаласьці сьвету і неістотнасьці праўды, якая «ў кожнага свая».

Вядома, з расейскай бытавой неўладкаванасьці пасьмяецца кожны і тут жа скажа, што Расея і мы таксама «тоже русские». І такім чынам якая-небудзь прачыстка каналізацыі губляецца ў нейкіх сьветапоглядных і геапалітычных сфэрах, што сьведчыць пра дэградацыю чалавека. Урэшце, жывуць жа расейцы без унітазаў — і нічога, значыць, няма пра што гаварыць. «Ніколі добра не жылі, ня трэба і пачынаць» — гэта прамаўляецца з гонарам.

Расейская вёска. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскія камунальнікі прыяжджаюць з адной мэтай — зьліквідаваць праблему. У Беларусі выклік камунальнікаў запускае цэлы працэс, які мае на мэце не ліквідацыю праблемы, а доўгія, невядома пра што дачыненьні.

Здаецца, калісьці і ў нас было як у літоўцаў. Даўно, да Лукашэнкі. Пакуль усё не пайшло ў расейскім стылі.

Між тым, беларусы працягваюць русыфікавацца, яны цалкам у маскоўскім тэлевізары і ўсё менш разумеюць па-беларуску. Ёсьць простыя маркеры эўрапейскіх нацыяў: няма літоўца (паляка, немца), які б ня ўмеў па-літоўску (польску, нямецку). І толькі беларусы па-свойму ня ўмеюць. Проста кажучы, выбіраючы расейскую, а не беларускую мову, мы становімся бліжэй да расейцаў і далей ад літоўцаў. Адначасова беларусы адкідаюць ветлівасьць і добрае выхаваньне і ператваюцца ў расейцаў. Якая ў нас прычына называць такіх беларусамі? Ніякай.

Такім чынам, зьбіраем гэтую мадэль русыфікацыі ў адно цэлае. Намінальныя беларусы ўсё больш не разумеюць па-беларуску (што іх адрозьнівала ад расейцаў). Характарыстыкі ветлівасьці і добрага выхаваньня лічацца адмоўнымі, ганебнымі і «слабасьцю». Што ў выніку? Затопленыя падвалы, тараканы і забітая каналізацыя. Трэба сказаць, што такую «палітыку» жорстка ўкараняе ўся сыстэма ўлады — ад правіцеля да камунальніка. Нацыянальныя інтарэсы адкінутыя і чарговы раз у гісторыі страціць незалежнасьць беларусам нішто не замінае.

Гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільне

Надзея застаецца хіба што ў эміграцыі. Хоць бы тое, што за апошнія гады па-беларуску выйшла столькі літоўскіх кніг, колькі, бадай, за ўвесь ранейшы час. Літоўцы перадаюць нам свой нацыянальны пароль: «Абодва былі ветлівыя і добра выхаваныя». Што наўпрост значыць: не прыпадабняйцеся да расейцаў, будзьце самі сабой.

Чакаю тваіх лістоў, пішы!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмялей шаг! Ярчэй выгляд!» Ліст да менскага сябра пра пачвараў на морскім дне