У відэазапісе, які, як паведаміў журналіст, ён атрымаў ад іншага ўкраінскага вайскоўца, мужчына прадставіўся Бялькевічам Станіславам Фёдаравічам (Станіслав Бєлькєвіч ва ўкраінскім арыгінале. — РС).
«Нас адправілі на вучэньні ў Расею. Выйшла так, што далі аўтамат і адправілі на рэальную вайну. Па ходу ўсіх дзеяньняў наш узвод разграмілі, а я трапіў у палон, таму прашу прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку пасадзейнічаць майму вяртаньню», — сказаў палонны.
У той жа час, ні ў апісаньні, ні ў відэазапісе няма ніякай іншай інфармацыі, якую можна было б разглядаць як доказы зробленай ім заявы. Свабода зьвярнулася да каманды Юрыя Бутусава з просьбай удакладніць, ці расказваў гэты палонны, на якіх вучэньнях і на якім палігоне ў Расеі ён знаходзіўся да адпраўкі на вайну ва Ўкраіну і ці быў узвод, пра які ён сказаў, цалкам беларускім. Аднак пакуль адказу няма.
Ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу жыць», які ажыцьцяўляе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, паведамілі, што пакуль ня маюць ніякай інфармацыі аб гэтым палонным.
У Беларусі можна служыць у войску да 50 гадоў, але не салдатам
Па дапамогу ідэнтыфікаваць вайскоўца, які трапіў ва ўкраінскі палон, Свабода зьвярнулася і да асацыяцыі былых сілавікоў BelPol.
«Хутчэй за ўсё, гэта не грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Згодна з нададзенымі зьвесткамі (Станіслав Бєлькєвіч, 1975 году нараджэньня), такіх людзей у Беларусі не было», — паведамілі ў камандзе BelPol.
Згодна зь інфармацыяй BelPol, сярод грамадзян Беларусі ёсьць тры Станіслава Бялькевіча, але яны маюць іншыя імёны па бацьку і даты нараджэньня. Падобныя на палоннага людзі зь іншымі прозьвішчамі, як напрыклад Бількевіч (Билькевич — расейскай) або Бялькевіч (Бялькевич) у базах грамадзян да 2021 году адсутнічаюць.
Калі верыць мужчыне, якога ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы, яму 50 гадоў. Згодна з заканадаўствам Беларусі, гранічны ўзрост знаходжаньня на вайсковай службе вызначаецца залежна ад воінскага званьня. Напрыклад, для палкоўнікаў (капітанаў 1-га рангу) гэта 50 гадоў, а для малодшых і старэйшых афіцэраў — 45 гадоў.
Гранічны ўзрост для паступленьня на службу паводле кантракту для малодшых вайсковых званьняў складае 35 гадоў, калі дакумэнт падпісваецца ўпершыню, і 40 гадоў — пры падпісаньні з салдатамі, сяржантамі і прапаршчыкамі запасу.
Ці адпраўляюць беларускіх вайскоўцаў на вучэньні ў Расею
У той жа час, вядома, што пэрыядычна Беларусь сапраўды накіроўвае на навучаньне ў Расею падразьдзелы сваёй арміі.
Так, сёлета на базе 333-га цэнтру баявой падрыхтоўкі ў Расеі праходзілі навучаньне вайскоўцы аднаго з танкавых падразьдзелаў Узброеных сілаў Беларусі.
Тады начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл Беларусі Ўладзімер Белы заявіў, што гэта плянавае навучаньне.
«Гэта магчымасьць пераняць перадавы досьвед у баявой падрыхтоўцы. Аснова цэнтру — падразьдзел інструктараў, які ажыцьцяўляе рыхтаваньне падразьдзелаў у зоне спэцыяльнай ваеннай апэрацыі (так улады ў Расеі і Беларусі называюць вайну ва Ўкраіне. — РС). Яны актыўна дзеляцца досьведам з нашымі вайскоўцамі», — сказаў Уладзімер Белы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Танкавы падразьдзел беларускага войска адправілі на навучаньне ў РасеюЛетась у верасьні і кастрычніку ў Расею таксама адпраўлялі дзьве групы беларускіх вайскоўцаў, каб яны маглі «пераняць перадавыя мэтодыкі падрыхтоўкі войскаў для далейшага ўкараненьня іх у практыку падрыхтоўкі сваіх воінскіх частак».
У сьнежні 2024 году стала вядома, што Беларусь і Расея ствараюць тры навучальныя цэнтры для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў узброеных сілаў абедзьвюх краін. 333-і цэнтар баявой падрыхтоўкі знаходзіцца ў Муліне Ніжагародзкай вобласьці, на Гарахавецкім артылерыйскім навукова-выпрабавальным дасьледчым палігоне. Там адбываецца рыхтаваньне сухаземных, паветрана-дэсантных і берагавых войскаў ВМФ Заходняй вайсковай акругі Расеі. Гэты цэнтар вызначаны і для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў Беларусі і Расеі.
Сёлета ўвосень Беларусь і Расея плянуюць правесьці супольныя вучэньні «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія танкісты накіраваліся на вучэньні ў Расею: будуць пераймаць досьвед баявых дзеяньняў ва Ўкраіне