На Камчатцы пасьля землятрусу актывізаваўся вулькан каля сакрэтнай расейскай базы, зьвязанай з выпрабаваньнямі «Арэшніка»

Вывяржэньне Ключаўскай Сопкі ў 2021 годзе

30 ліпеня на расейскім паўвостраве Камчатка адбыўся моцны землятрус магнітудай 8,8, што стала прычынай «абуджэньня» пяці вульканаў.

У прыватнасьці, пачала вывяргацца Ключаўская Сопка, адзін з найбуйнейшых вульканаў Эўразіі, вышыня якога складае 4850 мэтраў.

4 жніўня вулькан пачаў выкідваць вульканічныя «бомбы» на сотні мэтраў над кратэрам, паведаміла «РИА Новости». Раней, 3 жніўня, ён тройчы выкідаў слупы попелу на вышыню да 8 кілямэтраў над узроўнем мора.

Усяго за 30 кілямэтраў ад актыўнага вулькана знаходзіцца вайсковы гарадок Ключы, дзе разьмешчаны адны з самых сакрэтных падразьдзяленьняў арміі РФ. Гэта 43-я асобная навукова-выпрабавальная станцыя, якая займаецца дасьледаваньнямі, зьвязанымі з выпрабаваньнем міжкантынэнтальных балістычных ракет на палігоне Кура, адзначае ўкраінскі партал nv.ua.

Менавіта на гэтым палігоне праходзілі выпрабаваньні ракеты РС-26 «Рубеж», якая, паводле брытанскай выведкі, зьяўляецца адной з вэрсій ракеты «Арэшнік». Раней Уладзімер Пуцін заяўляў, што першыя «сэрыйныя» ўзоры гэтай ракеты перададуць Беларусі.

З 1970-х гадоў ЗША вядуць назіраньне за дзейнасьцю на палігоне Кура з дапамогай радара.

Нягледзячы на актыўнасьць вулькана, эвакуацыя з Ключоў не абвешчана, але жыхарам рэкамэндавана быць гатовымі да яе ў выпадку пагаршэньня сытуацыі.

Ключы месьцяцца ў атачэньні дзейных вульканаў, якія вывяргаюцца штогод. У прыватнасьці, гэта ўжо трынаццатае вывяржэньне Ключаўскай Сопкі з 2000 году.

Пасьля землятрусу ў сьпісе дзейных вульканаў сэнсацыйнае папаўненьне — прачнуўся вулькан Крашаніньнікава, які спаў больш як пяць стагодзьдзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Камчатцы пачаў вывяржэньне вулькан, які «спаў» больш за пяць стагодзьдзяў