Беларусь павялічыла імпарт расейскіх сыроў на 39%. У чым прычыны

Ілюстрацыйнае фота

У першым паўгодзьдзі 2025 года Расея на 39% павялічыла экспарт сыру ў Беларусь, вынікае са зьвестак Фэдэральнага цэнтра разьвіцьця экспарту прадукцыі АПК Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ (Аграэкспарт).

Паводле папярэдніх ацэнак, са студзеня па чэрвень 2025 года Расея паставіла за мяжу сыру і тварагу на 70 млн даляраў — на 20% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024-га. У фізычным выражэньні аб’ём экспарту склаў 14 тыс. тон.

У пяцёрку асноўнымі пакупнікоў расейскіх сыроў, акрамя Беларусі, уваходзяць Казахстан, Узбэкістан, Кыргызстан і Азэрбайджан, піша інфармацыйнае агенсцтва «Позірк».

«Краіны постсавецкай прасторы зьяўляюцца традыцыйнымі рынкамі збыту расейскіх сыроў, што зьвязана з падобнымі харчовымі перавагамі, лягістычнай блізкасьцю, а таксама высокай пазнавальнасьцю і даверам да расейскіх брэндаў», — заявіў кіраўнік расейскага Аграэкспарту Ільля Ільюшын.

17 ліпеня Аграэкспарт паведаміў, што ў студзені — красавіку 2025 года расейскія вытворцы экспартавалі ў Беларусь аграпрамысловай прадукцыі на 1,1 млрд даляраў — на 20% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024-га.

У структуры паставак лідзіравалі сланечнікавы алей, кандытарскія вырабы і сьвініна.

Паводле ацэнкі Аграэкспарту, патэнцыял расейскіх паставак прадукцыі АПК у Беларусь да 2030 года перавышае 3,2 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крызісу з бульбай і гароднінай урад Беларусі ўхваліў новую схему дзяржаўных паставак

Раней Аграэкспарт паведамляў, што Беларусь уваходзіць у тройку імпарцёраў расейскага мяса. Паводле афіцыйных зьвестак, за студзень — кастрычнік 2024 года расейскія вытворцы экспартавалі ў Беларусь мяса на 226 млн долараў, што на 10% больш аналягічнага леташняга пэрыяду.

  • Аграрны сэктар Беларусі за першае паўгодзьдзе прасеў на 2,7% адносна мінулага году. Прабуксоўвае як жывёлагадоўля, так і расьлінаводзтва. З 2019 году ў Беларусі на траціну зьнізіўся ўраджай бульбы. Калі 5 гадоў таму зьбіралі 4,3 мільёна тонаў, то ў 2024 толькі 3,1 мільёна.
  • Сельская гаспадарка ў Беларусі пераважна належыць дзяржаве і мае дзяржаўныя датацыі, але ня мае канкрэтнага ўласьніка, тлумачыць прычыны старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
  • Яшчэ адна праблема, паводле яе, — недахоп кадраў. У сельскай гаспадарцы гэта моцна адчуваецца. Праблемы сельскай гаспадаркі могуць прывесьці да скарачэньня асартымэнту тавараў у крамах, таксама могуць упасьці паказьнікі экспарту.
  • Доля стратных арганізацыяў без уліку дзяржаўнай падтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 51,4%.
  • У 1994 годзе ў сельскай мясцовасьці Беларусі жылі 3,3 мільёна чалавек. У 2024 годзе — 1,9 мільёна, менш у 1,7 раза.