Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове зарэгістравалі блёк экс-прэзыдэнта Дадона для ўдзелу ў выбарах парлямэнту


Экс-прэм'ер-міністар Васіле Тарлеў, колішняя кіраўніца Гагаўзіі Ірына Ўлах і былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, якія ўвайшлі ў новы выбарчы блёк, 29 ліпеня 2025 году
Экс-прэм'ер-міністар Васіле Тарлеў, колішняя кіраўніца Гагаўзіі Ірына Ўлах і былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, якія ўвайшлі ў новы выбарчы блёк, 29 ліпеня 2025 году

Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы зарэгістравала для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах палітычны блёк, сфарміраваны экс-прэзыдэнтам краіны, лідэрам «партыі сацыялістаў» Ігарам Дадонам, якога лічаць прарасейскім палітыкам.

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, у «Патрыятычны выбарчы блёк» увайшлі Партыя сацыялістаў, палітычная сіла «Сэрца Малдовы» і Партыя будучыні Малдовы, але чакаецца, што неўзабаве да іх далучыцца Партыя камуністаў на чале з былым прэзыдэнтам Малдовы Ўладзімірам Вароніным.

Лідэры блёку адмаўляюць наяўнасьць прарасейскага парадку дня, хоць яны выступаюць за аднаўленьне сувязяў з Масквой, аргумэнтуючы гэта эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі аспэктамі.

Найбольш папулярны з лідараў блёку Ігар Дадон апошнім часам прасоўвае ідэю «сувэрэнізму», мяркуючы, што збліжэньне Малдовы з Эўрапейскім Зьвязам пад кіраўніцтвам Маі Санду і «Партыі дзеяньня і салідарнасьці» (PAS) «заняволіць» краіну замежнымі інтарэсамі.

У інтэрвію румынскаму інфармацыйнаму парталу Hotnews.ro сацыяліст Ігар Дадон сказаў: «Эўропа не заўсёды дзейнічае ў нацыянальных інтарэсах дзяржаў. Мы заўсёды дзейнічаем, зыходзячы з нашых нацыянальных каштоўнасьцей. Усе ведаюць нашу пазыцыю ў Рэспубліцы Малдова: мы — дзяржаўнікі, мы за нацыянальныя інтарэсы, мы супраць ЛГБТ-ідэалёгіі, мы падтрымліваем традыцыйную сям’ю».

Дадон таксама прасоўвае ідэю, што Эўрапейскі Зьвяз таемна падарве нэўтралітэт Рэспублікі Малдова, дапамагаючы ёй узбройвацца.

Новы выбарчы блёк лічаць найбольш сурʼёзным канкурэнтам кіроўнай партыі PAS, блізкай да прэзыдэнта Маі Санду, на выбарах 28 верасьня, асабліва ўлічваючы, што палітыкі, блізкія да алігарха-ўцекача Ілана Шора, сутыкаюцца з бюракратычнымі перашкодамі для ўдзелу ў выбарах.

Раней Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы адмовіла ў рэгістрацыі блёку «Вікторыя» праз тое, што гэтая сілы зьяўляецца пераемніцай Партыі Шора, прызнанай неканстытуцыйнай.

Парлямэнцкія выбары ў Малдове пройдуць 28 верасьня. Паводле апошніх апытаньняў, кіроўная «Партыя дзеяньня і салідарнасьці» захоўвае лідэрства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG