Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася пацьверджаньне арышту ў Беларусі лекара Бадамшына, які знаходзіўся на «хатняй хіміі»


Руслан Бадамшын. Архіўнае фота
Руслан Бадамшын. Архіўнае фота

Інфармацыю аб затрыманьні пацьвердзілі Свабодзе ў Фондзе мэдычнай салідарнасьці Беларусі.

Руслана Бадамшына ў траўні 2024 году асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званую «хатнюю хімію»). Справу на яго завялі за фота з акцыяў пратэсту ў 2020 годзе ў Менску.

Гэта шостае затрыманьне лекара пасьля выбараў 2020 году. Да леташняга выраку ён правёў пад арыштам больш за 60 дзён.

Пасьля адміністрацыйнага арышту ў красавіку 2021 году Бадамшына звольнілі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі, дзе ён працаваў лекарам функцыянальнай дыягностыкі. У той дзень, 8 красавіка, у 7:30 доктар быў вызвалены з жодзінскай турмы, дзе ён адбыў 15 дзён. Лекар вымушаны быў дабірацца ў Менск бяз грошай і тэлефона і зьявіўся на працу а 12-й гадзіне замест 10-й, што палічылі прагулам.

Да перасьледу Руслан Бадамшын працаваў лекарам-нэўролягам у мэдычным цэнтры «Нардзін». У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей — 9 і 6 гадоў. У жніўні 2024 году паводле «народнага» артыкула 342 асудзілі і ягоную жонку Тацяну.

Раней выданьне «Наша Ніва» паведамляла, што гэтым разам Бадамшына арыштавалі з абвінавачаньнем у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу). Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG