Альвара Урыбэ, які настойвае на сваёй невінаватасьці, заявіў судзьдзі ў Багаце, што мае намер абскардзіць прысуд. Ён сьцьвярджае, што справа накіраваная на «зьнішчэньне голасу дэмакратычнай апазыцыі», піша BBC.
Ён займаў пасаду прэзыдэнта з 2002 да 2010 году і застаецца папулярным у Калюмбіі, нягледзячы на абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з правымі ваянізаванымі групамі, якія змагаліся супраць левых паўстанцаў — гэтыя абвінавачаньні ён адмаўляе.
Двое зьняволеных былых баевікоў далі паказаньні, што былы адвакат Урыбэ, Дыега Кадэна, прапаноўваў ім грошы за сьведчаньні на карысьць Урыбэ.
Кадэна, якому таксама выстаўленыя абвінавачаньні, гэта адмаўляе. Ён даваў паказаньні ў абарону Урыбэ разам зь некалькімі іншымі былымі баевікамі.
Раней на гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё асудзіў крымінальны перасьлед Урыбэ, абвінаваціўшы судовую сыстэму Калюмбіі ў палітычнай матываванасьці.
«Адзінае злачынства былога прэзыдэнта — гэта яго нястомная барацьба і абарона Радзімы», — напісаў Рубіё ў сацыяльнай сетцы X.
Ваянізаваныя групы пачалі фармавацца ў Калюмбіі ў 1980-х гадах, заяўляючы сваёй мэтай барацьбу зь беднасьцю. На практыцы ж яны супрацьстаялі леварадыкальным партызанскім групам марксісцкага кшталту, якія на працягу двух дзесяцігодзьдзяў вялі ўзброеную барацьбу супраць ураду.
Шмат якія зь левых узброеных фармаваньняў фінансаваліся за кошт гандлю какаінам. Жорсткія сутыкненьні паміж імі і ўрадавымі сіламі выклікалі ўстойлівыя канфлікты за кантроль над маршрутамі кантрабанды і рэсурсамі.
Форум