Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы сталі часьцейшымі выпадкі выправаджэньня беларусаў, але адмаўляюць ва ўезьдзе ў краіну радзей


Беларуска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

У Памежнай службе Польшчы паведамілі, што ў першым квартале 2025 году з Польшчы выправадзілі 326 грамадзян Беларусі, 303 зь іх пакінулі польскую тэрыторыю добраахвотна.

Як вынікае з статыстыкі, апублікаванай на афіцыйным сайце Памежнай службы Польшчы, у студзені–сакавіку 2024 году выправадзілі 286 грамадзян Беларусі, зь якіх 17 добраахвотна выканалі загад польскіх уладаў пакінуць тэрыторыю краіны.

У гэтым паказьніку беларусаў апярэдзілі толькі грамадзяне Грузіі — у студзені–сакавіку 2025 году выслалі 447 грузінаў, 67 зь іх выехалі з Польшчы добрааховтна.

За нелегальнае знаходжаньне ў Польшчы затрымалі 3253 асобы, што больш, чым летась, на 16%. Зь іх 338 чалавек — на беларуска-польскай мяжы. Найбольш затрымлівалі грамадзянаў Грузіі (542), Беларусі (358), Калюмбіі (344), Малдовы (308) і Ўкраіны (293).

У той жа час беларускім грамадзянам адмаўлялі ва ўезьдзе ў Польшчу радзей: у студзені–сакавіку 2025 году такіх выпадкаў было 378 (у першым квартале 2024 году — 618). Пяцём беларусам адмовілі праз парушэньне тэрміну візы, яшчэ пяцём — праз брак належных дакумэнтаў аб мэтах і ўмовах знаходжаньня ў Польшчы, аднаму — празь нястачу грашовых сродкаў на знаходжаньне ў краіне. Іншых прычынаў не ўдакладнілі.

Апроч таго, паменела грамадзян Беларусі, якія падалі заяву на атрыманьне міжнароднай абароны: 790 у студзені–сакавіку 2025-га супраць 978 у першым квартале 2024 году. Большую частку заяваў беларусы падавалі не на мяжы, а ўжо ў Варшаве.

Згодна з статыстыкай, з просьбамі аб міжнароднай абароне да ўладаў Польшчы паступілі заявы ад 2943 грамадзян Украіны (летась было 1 150) і ад 223 — Расеі (летась — 281).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG