Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі людзей за паўгода аштрафавалі за завышэньне цэнаў і недахоп беларускіх тавараў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За студзень-чэрвень 2025 году супрацоўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) праверылі больш за 4,4 тыс. аб’ектаў, паведаміла прэс-служба ведамства.

Па выніках праверак МАРГ выдала больш за 1,1 тыс. рэкамэндацый у ліквідацыі парушэньняў, накіравала звыш 230 прадпісаньняў аб забароне рэалізацыі тавараў.

Да адказнасьці прыцягнулі звыш 360 асоб, сума штрафаў склала больш за 43 тыс. рублёў.

У рамках «кантролю выкананьня цэнавага заканадаўства» МАРГ устаноўленыя парушэньні больш чым у 120 суб’ектаў гаспадараньня. Накіравана 38 прадпісаньняў, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута больш за 190 асобаў, сума штрафаў «з улікам матэрыялаў мінулых гадоў» перавысіла 254 тыс. рублёў.

Пры маніторынгу «выкананьня заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» праверана звыш 200 працэдураў. Накіравана звыш 100 рэкамэндацый ліквідаваць парушэньні, сума штрафаў склала больш за 2 тыс. рублёў.

Толькі за чэрвень МАРГ прадухіліла правядзеньне працэдураў дзяржаўных закупак з парушэньнем заканадаўства на суму звыш 110 млн рублёў, гаворыцца ў паведамленьні.

23 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік кіраўніка МАРГ Сьвятлана Караткевіч паведаміла, што па выніках першага паўгодзьдзя 2025 году правераныя 3344 аб’екты гандлёвых сетак, «у тым ліку на прадмет насычэньня крамаў таварамі айчыннай вытворчасьці», прыгадвае «Позірк».

6 кастрычніка 2022 году Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сытуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў». Пастановай ураду ад 19 кастрычніка 2022 году № 713 было ўведзенае рэгуляваньне цэнаў на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазьней зь яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгуляваньня цэнаў, у дакумэнт уносіліся зьмены.

Пастанова № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 году скараціла сьпіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляваньню — «зыходзячы з балянсу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку» — з 331 да 211 пазыцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG