Камандаваньне Польскага войска паведаміла аб разьмяшчэньні пад Варшавай пяці зьнішчальнікаў вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны.
«У рамках умацаваньня калектыўнай абароны NATO пяць зьнішчальнікаў Eurofighter EF-2000 Typhoon ВПС Нямеччыны будуць разьмешчаны на 23-й тактычнай авіябазе ў Міньску-Мазавецкім бліжэйшымі тыднямі. Самалёты будуць падтрымліваць апэрацыі аховы паветранай прасторы на ўсходнім флянгу Альянсу. Гэта яшчэ адзін прыклад супрацы хаўрусьнікаў і рэальнага ўключэньня ў запэўненьне бясьпекі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Згодна з інфармацыяй нямецкага агенцтва DPA, зьнішчальнікі пачнуць інспэктаваць паветраную прастору на межах Польшчы 5 жніўня. Місія будзе працягвацца амаль месяц. У гэты час у Польшчы таксама будуць разьмешчаныя амаль 200 нямецкіх вайскоўцаў.
Агенцтва адзначыла, што гэтыя захады робяцца падчас нарастаньня пагрозаў бясьпецы Польшчы з боку Расеі.
Перад супольнымі з Расеяй вайсковымі вучэньнямі «Захад-2025» у Беларусі краіны NATO узмацнілі ахову паветранай прасторы краін Балтыі і Польшчы.
Летась у кастрычніку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін вучэньні «Захад-2025» назваў «галоўнай падзеяй», у манэўры плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
Сёлета ў чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі. Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.
Форум